Пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах
24.05.2023

23 мая 2023 года дырэктар ДУ «БелІСА» Наталля Паўлава прыняла ўдзел у пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, якое прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі на пляцоўцы Выканаўчага камітэта СНД у Мінску.
Міждзяржаўны савет па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах (МС НТІ) утвораны ў адпаведнасці з рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў СНД ад 20 лістапада 2009 года аб стварэнні органа галіновага супрацоўніцтва СНД у навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. Удзельнікамі пагаднення з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан і Малдова.
У ліку асноўных напрамкаў дзейнасці МС НТІ — каардынацыя навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі ў цэлым і яе асобных кампанентаў; фарміраванне ў дзяржавах – удзельніцах пагаднення фінансава-эканамічных механізмаў падтрымкі сумесных навукова-тэхнічных і інавацыйных праграм і праектаў.
У ходзе пасяджэння бакі абмеркавалі вынікі работы ў краінах СНД у навукова-тэхнічнай, тэхналагічнай і інавацыйных сферах. Разгледжаны праект Палажэння аб тэхналагічных платформах у рамках Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД да 2030 года, а таксама прапановы па крытэрыях адбору і парадку фінансавання праектаў, правядзенні тэхналагічных конкурсаў гэтай праграмы.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў пераабраны Старшынёй МС НТІ.
Членамі Міждзяржаўнага савета падтрымана прапанова аб наданні статусу базавай арганізацыі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у галіне развіцця высокапрадукцыйных вылічэнняў і апрацоўкі вялікіх дадзеных Нацыянальнаму даследчаму цэнтру «Курчатаўскі інстытут» – Пецярбургскі інстытут ядзернай фізікі ім. Б.П. Канстанцінава (ПІЯФ).
Акрамя таго, у ходзе пасяджэння быў разгледжаны даклад намесніка кіраўніка Федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) аб ходзе рэалізацыі ў 2021-2022 гадах Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД на перыяд да 2030 года.
Таксама ў рамках пасяджэння была заслухана і адобрана справаздача прадстаўніка Выканкама СНД аб дзейнасці Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах за перыяд 2018-2022 гадоў.
Чарговае 33-е пасяджэнне МС НТІ плануецца правесці ў другім паўгоддзі 2023 года.
|