Фінальны тур Рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі»
28.02.2024

21 сакавіка 2024 г. у Мінску на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку адбудзецца фінальны тур Рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».
Упершыню праект стартаваў у верасні 2011 г. па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. За гэты час ён стаў не толькі візітнай карткай арганізацыі, але і брэндам краіны. Моладзевыя ініцыятывы ўдзельнікаў праекта ахапілі розныя сферы жыццядзейнасці чалавека: эканоміку і энергазберажэнне, інфармацыйныя, прамысловыя, будаўнічыя тэхналогіі, ахова здароўя, адукацыя, спорт і турызм, рашэнне экалагічных праблем і многія іншыя, а сам праект вырас у якасную стартавую пляцоўку для рэалізацыі і камерцыялізацыі распрацовак і ідэй маладых беларусаў.
Рэспубліканскі маладзёжны праект «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.
У гэтым годзе ўдзельнікамі будуць прадстаўлены праекты ў наступных намінацыях:
— энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць;
— аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства;
— прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі;
— ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія– і нанаіндустрыя);
— хімічныя тэхналогіі, нафтахімія;
— інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі;
— экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў);
— нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый;
— грамадства і сацыяльная сфера;
— лепшая бізнэс-ідэя.
Праект з'яўляецца базавым стартапам для развіцця нацыянальнага руху маладых навукоўцаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў. Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну, атрымаць дапамогу ў развіцці і суправаджэнні аўтарскага праекта.
Усе ўдзельнікі праекта могуць прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Пераможцы праекта атрымаюць грашовыя сродкі ў памеры да 57 базавых велічынь для распрацоўкі бізнес-планаў інавацыйных праектаў у мэтах іх далейшага ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у парадку і на ўмовах, вызначаных Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.
|