БелIСА    Навіны
Русская версия
Русская версия English version
Навіны

Падведзены вынікі правядзення выставы «Беларусь інтэлектуальная»

31.01.2023

30 студзеня 2023 года ў прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Падвядзенне вынікаў выставы «Беларусь інтэлектуальная». У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык дадзеная выстава была арганізавана ў мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага ў ходзе рабочай сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым 18 кастрычніка 2022 года.

На выставе былі прадэманстраваны найноўшыя распрацоўкі і дасягненні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арганізацый іншых ведамстваў, у тым ліку Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і іншых. Было прадстаўлена звыш 400 экспанатаў, сярод якіх натурныя ўзоры, макеты, мультымедыйныя прэзентацыі на вялікіх экранах.

Правядзенне выставы было запланавана на 20-22 студзеня, аднак у сувязі з вялікай зацікаўленасцю наведвальнікаў было прынята рашэнне аб яе прадаўжэнні да 29 студзеня. Па арыенціровачных падліках, выставу наведалі ад 80 тыс. да 100 тыс. чалавек.

Як заявіла журналістам намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Таццяна Сталярова, навуковыя ідэі павінны ўкараняцца ў рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы.

«На выставе быў, апроч іншага, прадстаўлены кластар па камерцыялізацыі распрацовак. І гэта невыпадкова. Навуковыя ідэі павінны ўкараняцца ў рэальным сектары эканомікі, у сацыяльнай сферы. Для гэтага неабходна ствараць умовы. Кластар па камерцыялізацыі распрацовак прадэманстраваў, якія магчымасці ўжо прадастаўлены ў гэтым напрамку. У краіне надаецца вялікая ўвага развіццю інавацыйнай інфраструктуры: функцыянуюць тэхнапаркі, цэнтры трансферу тэхналогій, Беларускі інавацыйны фонд і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці», — сказала Таццяна Сталярова.

Нагадаем, што экспазіцыя «Беларусі інтэлектуальнай» была арганізавана па розных кластарах. У іх ліку — штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты; абароназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў.



Далей выстава адправіцца па рэгіёнах. Плануецца, што за два месяцы яна аб'едзе ўсе абласныя цэнтры. «Прынята рашэнне працягваць, каб з дасягненнямі навукі маглі пазнаёміцца і рэгіёны. Па плане мы павінны за два месяцы аб'ехаць усе нашы абласныя цэнтры. Мы ўжо правялі папярэднюю нараду з уладамі абласцей, вывучаем сітуацыю, наяўнасць памяшканняў. Хачу адзначыць, што на выставе ў рэгіёнах будуць прадстаўлены асобным сектарам дасягнення канкрэтнай вобласці. Думаю, гэта будзе выдатным дадаткам», — сказаў Сяргей Чыжык.

Першы пункт — Гомель, далейшы маршрут пакуль не вызначаны. «Думаю, усё будзе праходзіць 3-4 дня з захопам выхадных, гэта значыць чацвер-нядзеля ці панядзелак-нядзеля, у залежнасці ад сітуацыі, магчымасцяў і пажаданняў абласцей. 13 лютага пачынаем завозіць экспазіцыю ў Гомель», — адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

 

Крыніца: БЕЛТА.

 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 15.04.2024
Copyright © БелІСА