БелIСА    Год міру і стварэння
Русская версия
Русская версия English version
Год міру і стварэння

22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22.06.2023

22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады. Гераічна змагаліся пагранічнікі 17-га Брэсцкага, 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага пагранічных атрадаў і савецкія лётчыкі.

У першыя гадзіны вайны Брэст і крэпасць былі падвергнуты масіраванаму артабстрэлу і авіябамбардзіроўцы. Гераічны гарнізон Брэсцкай крэпасці звыш месяца ўпарта ваяваў з ворагам.

На тэрыторыі БССР нямецка-фашысцкімі захопнікамі было створана 260 месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння насельніцтва, іх філіялаў і аддзяленняў, у тым ліку канцэнтрацыйныя лагеры — месцы зняволення і фізічнага знішчэння людзей па палітычных, расавых, рэлігійных і іншых прыкметах. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі з'яўляўся лагер смерці "Трасцянец", дзе загінула больш за 206 500 чалавек.

За 1941–1944 гады акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый, знішчылі каля 9 200 сёл і вёсак, з іх 5 295 падзялілі лёс Хатыні – былі знішчаны разам з усім ці часткай насельніцтва. Са спаленых вёсак 186 так і не адрадзіліся.

Усяго на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, з іх 446 былі ўдастоены вышэйшай узнагароды краіны — звання Героя Савецкага Саюза, а чацвёра — двойчы. Каля 400 тыс. воінаў-беларусаў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. За гады вайны больш за 400 беларусаў сталі генераламі і адміраламі.

За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі гораду Мінску ў ліку 12 гарадоў былога Савецкага Саюза было прысвоена ганаровае званне горада-героя. Званне крэпасці-героя атрымала Брэсцкая крэпасць.

Вялікая Айчынная вайна — небывалая ў гісторыі па сваіх маштабах і жорсткасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара — памяць аб іх будзе жыць вечна.

У гэты дзень па ўсёй рэспубліцы праходзяць памятныя акцыі, мітынгі-рэквіемы, цырымоніі ўскладання кветак да помнікаў і абеліскаў.

Дырэктар ДУ "БелІСА" Наталля Паўлава разам з прадстаўнікамі ДКНТ і яго падведамасных арганізацый прыняла ўдзел ва ўскладанні кветак да брацкай магілы на бульвары Талбухіна. Тут пахаваны астанкі савецкіх ваеннапалонных, забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі, а таксама памерлых ад ран і хвароб. У спісе пахаваных — пакараныя акупантамі партызаны і падпольшчыкі, мірныя жыхары, знішчаныя ў выніку карных акцый. Пахаванні ў брацкую магілу ажыццяўляліся практычна ўвесь перыяд акупацыі горада. Брацкая магіла з'яўляецца адным з самых буйных воінскіх пахаванняў на тэрыторыі горада Мінска.


 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 17.04.2025
Copyright © БелІСА