Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы Пераможцаў конкурсу творчых работ да Года якасці ўзнагародзілі ў НАН Беларусі |
![]() |
16.12.2024 |
12 снежня 2024 года ў НАН Беларусі прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году якасці. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў адзначыў важнасць уцягвання моладзі ў навуковую дзейнасць. "Радуе, што конкурс выклікаў шырокі грамадскі інтарэс. У ім прынялі ўдзел каля 700 чалавек з усіх куткоў краіны. Гэта людзі рознага ўзросту, узроўню адукацыі і жыццёвага вопыту, у тым ліку школьнікі, студэнты. Самыя маленькія выхаванцы дзіцячага садка. Прадстаўлены даследчыя праекты, праграмныя прадукты, макеты, вершы, апавяданні, казкі, вырабы і іншыя творчыя работы", — сказаў Уладзімір Гусакоў. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі выдзеліў праекты фізіка-матэматычнага профілю, у галіне беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў, павышэння якасці прадуктаў, матэрыялаў, тэхналогій, перапрацоўкі другаснай сыравіны, апрацоўкі сельскагаспадарчых культур. Лаўрэатамі і фіналістамі прызнаны больш за 200 удзельнікаў. Яны атрымалі ўзнагароды — дыпломы і памятныя прызы. Работы ацэньвалі вядучыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Конкурс быў аб'яўлены ў лютым 2024 года. Прадстаўлена сем намінацый: "Фізіка, матэматыка і інфарматыка — аснова якаснай апрацоўкі, перадачы, захоўвання і абароны інфармацыі"; "Фізіка-тэхнічныя інавацыі для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных вытворчасцей"; "Дасягненні хіміі і прыродакарыстання — Году якасці"; "Беражнае стаўленне да прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці"; "Медыцынская навука — аснова высокай якасці жыцця"; "Гуманітарная навука — Году якасці"; "Аграрная навука — высокай якасці сельскагаспадарчай прадукцыі". Пераможцаў выбіралі ў трох катэгорыях: сярод школьнікаў і студэнтаў; магістрантаў, аспірантаў, маладых вучоных; вучоных акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, настаўнікаў, творчых людзей (старэйшыя за 35 гадоў). Удзельнікамі маглі быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ў складзе не больш за тры чалавекі. Прадстаўляліся вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў форме артыкулаў (цыкла артыкулаў) у навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, якія валодаюць канкурэнтаздольнасцю, эфектыўнасцю, сацыяльна-эканамічнай значнасцю, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі. Высокага ўзроўню работы прадстаўлены і ў сферы медыцыны. Як адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Васіль Богдан, яны маюць як фундаментальны, так і прыкладны характар, адлюстроўваюць напрамкі развіцця медыцынскай навукі ў НАН Беларусі, установах адукацыі, РНПЦ. "Толькі ў нашу камісію прадстаўлена каля сотні работ — і ў траўматалогіі, і ў анкалогіі, і ў сферы стварэння вырабаў медыцынскага прызначэння", — расказаў Васіль Богдан. Перад узнагароджаннем госці пазнаёміліся з пастаянна дзейнай экспазіцыяй "Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці", наведалі музей гісторыі НАН Беларусі. Крыніца: belta.by |
![]() |
Copyright ©
"БелІСА", Мінск, Рэспубліка Беларусь. http://www.belisa.org.by/ Поўнае ці частковае ўзнаўленне дадзенага матэрыялу дазваляецца з указаннем спасылкі (у інтэрнэце гіперспасылкі) на крыніцу |