Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы 9 мая – Дзень Перамогі |
![]() |
05.05.2023 |
Дзень Перамогі – свята, якое аб'ядноўвае ўсіх без выключэння грамадзян Рэспублікі Беларусь. Для беларусаў гэта святое свята, даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам – усім, хто набліжаў Перамогу. Беларусы – адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. Гітлераўцы правялі ў Беларусі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі 5454 вёскі. Трагічным сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала вёска Хатынь, у якой былі забіты 149 жыхароў і спалены 28 двароў. Лёс Хатыні падзялілі 618 вёсак, 188 з іх не былі адноўлены. У гады вайны на тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. У іх ліку – чацвёрты па велічыні ў Еўропе лагер смерці Трасцянец, дзе былі знішчаны больш за 200 тыс. чалавек. Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у разгром фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. Міжнародная канферэнцыя, скліканая 27 красавіка 1945 года ў Сан-Францыска для ўтварэння ААН, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальнікаў гэтай міжнароднай арганізацыі.
У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. За праяўленыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі ў ліку 12 гарадоў былога Савецкага Саюза было прысвоена ганаровае званне горада-героя. Званне крэпасці-героя атрымала Брэсцкая крэпасць. Узнагародамі адзначаны і іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа сведчаць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курганы Славы. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 9 мая і напярэдадні свята паўсюдна праходзяць цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў да помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, праводзяцца розныя мерапрыемствы па ўшанаванні ветэранаў вайны і работнікаў тылавога фронту, арганізуюцца святочныя канцэрты, урокі мужнасці ў навучальных установах, рэканструкцыі бітваў, ваенныя парады, святочныя салюты і многае іншае. 5 мая 2023 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 78-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, супрацоўнікі ДУ «БелІСА» на чале з дырэктарам Паўлавай Наталляй Фёдараўнай прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да манумента «Брацкая магіла» на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы.
Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа. |
![]() |
Copyright ©
"БелІСА", Мінск, Рэспубліка Беларусь. http://www.belisa.org.by/ Поўнае ці частковае ўзнаўленне дадзенага матэрыялу дазваляецца з указаннем спасылкі (у інтэрнэце гіперспасылкі) на крыніцу |